Ёў 13
1 Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.
2 Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.
3 Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.
4 А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары.
5 О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.
6 Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.
7 Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?
8 Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца?
9 Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?
10 Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.
11 Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?
12 Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя - апоры гліняныя.
13 Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.
14 Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?
15 Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!
16 І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!
17 Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.
18 Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.
19 Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.
20 Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:
21 адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.
22 Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.
23 Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.
24 Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?
25 Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?
26 Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,
27 і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, - гонішся па сьлядах ног маіх.
28 А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.