Ёў 24
1 Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
2 Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
3 у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
4 бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
5 Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
6 жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
7 голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
8 мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
9 адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
10 прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
11 паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
12 У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
13 Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
14 На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
15 І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, - і захінае твар.
16 У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
17 Бо ім раніца - сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
18 Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
19 Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная - грэшнікаў.
20 Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
21 які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
22 Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
23 А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
24 Падняліся высока, - і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
25 Калі гэта ня так, - хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?