Ёў 30
1 А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.
2 І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.
3 Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;
4 скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя - хлеб іхні.
5 З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,
6 каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.
7 Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.
8 Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!
9 Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі.
10 Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.
11 Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.
12 З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.
13 А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.
14 Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.
15 Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.
16 І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.
17 Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.
18 Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.
19 Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.
20 Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, - стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.
21 Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.
22 Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.
23 Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.
24 Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?
25 Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?
26 Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.
27 Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.
28 Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.
29 Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.
30 Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.
31 І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая - голасам сьлёзным.