Зах 10
1 Прасеце ў Госпада дажджу ў час добрай патрэбы; Гасподзь блісьне маланкаю і дасьць вам шчодры дождж, кожнаму колас на полі.
2 Бо ідалы гавораць пустое, і вяшчуны бачаць ілжывае і расказваюць сны ілжывыя; яны суцяшаюць пусткаю; таму яны бадзяюцца як авечкі, церпяць гароту, бо няма пастыра.
3 На пастыраў запаліўся гнеў Мой, і казлоў Я пакараю; бо наведае Гасподзь Саваоф статак Свой, і дом Юдаў, і паставіць іх, як славутага каня Свайго на змаганьне.
4 Зь яго будзе кутні камень, зь яго - цьвік, зь яго - лук для змаганьня, зь яго пойдуць усе кіроўцы народаў.
5 І яны будуць, як героі, што топчуць ворагаў на вайне, як гразь на вуліцы, і змагацца, бо Гасподзь зь імі, і паганьбяць вершнікаў на конях.
6 І ўмацую дом Юдаў і ўратую дом Язэпаў, і вярну іх, бо Я ўмілажаліўся зь іх, і яны будуць, як бы Я не пакідаў іх: бо Я - Гасподзь Бог іхні, і пачую іх.
7 Як герой будзе Яфрэм; узьвесяліцца сэрца іхняе, як ад віна; і ўбачаць гэта сыны іхнія і парадуюцца; у захапленьні будзе сэрца іхняе ў Госпадзе.
8 Я дам ім знак і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх; яны будуць гэтакія ж шматлікія, як раней;
9 і расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне і жыцьмуць зь дзецьмі сваімі, і вернуцца;
10 і вярну іх зь зямлі Егіпецкай і з Асірыі зьбяру іх, і прывяду іх у зямлю Галаадскую і на Ліван, і ня хопіць месца ім.
11 І пройдзе бедства па моры і разаб'е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпакорыцца ганарыстасьць Асура, і жазло адымецца ў Егіпта.
12 Умацую іх у Госпадзе, і яны хадзіцьмуць у імя Яго, кажа Гасподзь.