Зах 13
1 У той дзень адчыніцца крыніца дому Давідаваму і жыхарам Ерусаліма для адмываньня грэху і нечыстаты.
2 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я зьнішчу імёны ідалаў з гэтай зямлі, і яны ня будуць больш упамінацца, гэтак сама і лжэпрарокаў і нячыстага духа зь зямлі выдалю.
3 Тады, калі хто будзе прадказваць, дык бацька ягоны і маці яго, якія нарадзілі яго, скажуць яму: табе ня трэба жыць, бо ты ілжу кажаш у імя Госпада; і паб'е яго бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, калі ён будзе прадказваць.
4 І будзе ў той дзень, пасаромеюцца такія прадказальнікі, кожны відзежу свайго, калі будуць прадказваць, і ня будуць надзяваць на сябе валасяніцы, каб ашукваць.
5 І кожны скажа: Я не прарок, я земляроб, бо нехта зрабіў мяне рабом з маленства майго.
6 Яму скажуць: чаго ж на руках у цябе шнары? і ён адкажа: таму, што мяне білі ў доме тых, што любяць мяне.
7 О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я абярну руку Маю на малых.
8 І будзе на ўсёй зямлі, кажа Гасподзь: дзьве часткі на ёй будуць зьнішчаны, вымруць, а трэцяя застанецца на ёй.
9 І ўвяду гэтую трэцюю частку ў агонь, і растаплю іх, як топяць срэбра, і ачышчу іх, як ачышчаюць золата: яны будуць заклікаць імя Маё, і Я пачую іх і скажу: гэта Мой народ, і яны скажуць: Гасподзь - Бог мой!